У Мінску адбылася прэзентацыя дакладу «Энергетычная [р]эвалюцыя: перспектыва ўстойлівага развіцця энергетычнага сектара Беларусі».Аб неабходнасці пераходу на ўзнаўляльныя крыніцы энергіі кажуць увесь час. Неабходнасць змен энергетычнага сектару ў бок большай экалагічнасці, здавалася б, не аспрэчваецца ні кім. Аднак для Беларусі, падобна, размовы застаюцца размовамі — мы катастрафічна адстаем ад развітых краін па ўкараненню зялёнай энергетыкі.

«Зялёная сетка», «Экадом» і шэраг навукоўцаў падрыхтавалі для Беларусі сцэнар «Энергетычнай рэвалюцыі», змадэляваўшы на 123 старонках пераход краіны да энергетычнай сістэмы з высокай долей узнаўляльнай энергіі, апісаўшы пры гэтым палітычныя рашэнні і тэхналогіі, якія можна скарыстаць для такога пераходу.

 

Прэзентацыя дакладу сабрала да сотні чалавек. Прыкладна палова дакладчыкаў — замежнікі.

 

Зместам выступу сталіся пераважна змены клімату, якія даказваюць амаль фатальную неабходнасць хутчэйшага ўкаранення ўзнаўляльных крыніц энергіі і досвед розных краін у гэтай сферы.

Даклад міжурадавай групы экспертаў па змене клімату — на сувязі Уладзімір Сідаровіч (Расія)

Доктарка Соня Сімон — адна з распрацоўшчыц даследвання

Доктарка Соня Сімон — адна з распрацоўшчыц даследвання

Іван Філюціч, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута энергетыкі НАН Беларусі, прысвяціў выступ акрэсліванню рызыкаў пераходу Беларусі на альтэрнатыўныя сцэнары развіцця, тлумачачы, чаму энергетычная сістэма Беларусі такая кансерватыўная.

 

«Гэты графік паказвае, якая каштоўнасць любых прагнозаў у эканоміцы. За сямнаццаць год прайшла 12-разовая змена экспарту. Пытанне складаецца ў тым, каб спаймаць сапраўдную тэндэнцыю, і ўгадаць, будзе яна жыць, ці не«, — кажа Іван Філюціч

Само ж даследванне ўяўляе сабой хутчэй ідэальную мадэль беларускай энергетыкі — такую, якой яе бачаць эколагі. Ці суадносіцца яна з рэчаіснасцю? Што беларускія эколагі робяць для ўвасаблення яе ў жыццё? І хто перашкаджае беларускай энергетыцы стаць зялёнай? Аб гэтым мы паразмаўлялі з Настассей Дарафеевай – старшыней беларускай партыі Зялёныя, адной з аўтарак даследвання.

— Для каго гэты дакумант? Для шырокай аўдыторыі, для дзяржорганаў, для прадстаўнікоў замежжа? Хто яго мэтавая аўдыторыя?
— У першую чаргу, гэта дзяржаўныя структуры. Тыя, хто знаходзіцца на розных узроўнях прыняцця рашэнняў пра энергетычную палітыку. Але для другой мэтавай аўдыторыі — шырокай грамадскасці, яго трэба перарабіць пад больш зразумелы фармат. А для той аўдыторыі, што ён есць, — гэта экспертная і аналітычная супольнасць. Мы хочам, каб яны змянілі парадыгму, у якой яны працуюць. А эксперты ў будучыні могуць апынуцца сярод тых, хто прымае рашэнне. Даклад рабіўся для таго, каб калі Беларусь будзе абіраць шляхі свайго развіцця, у нас былі сталыя доказы, якія б на эканамічным узроўні дапамаглі падтрымаць нашую пазіцыю.

— У дакладзе ўсё прыгожа распісана, бачна, што праведзеная вялікая праца. Аднак зразумела, што між такой мадэллю і выкарыстаннем яе ў жыцці — вялікая адлегласць. На вашае меркаванне, якія асноўныя фактары перашкаджаюць гэтую ідэальную мадэль увесці ў жыццё?.
— Гэта, найперш, палітычныя фактары: адсутнасць палітычнай волі і разумення гэтых магчымасцяў. Эканамічныя фактары насамрэч другасныя. Нават з таго, што сёння было прадэманстравана, мы бачым, што каб пачаць пераход да узнаўляльнай энергетыкі, патрэбныя суадносныя інвестыцыі ў параўнанні з тымі, якія будуць выдзеленыя на трансфармацыю энергасеткі, я ўжо не кажу пра інвестыцыі ў АЭС. То бок, тое, што кажуць, што Беларусь не можа ўвесці альтэрнатыўную энергетыку ў ужыццё з-за эканамічных прычын — гэта міф сярэдзіны 1980-х. Пры тых коштах на ўвасабленне гэтых тэхналогій, гэта нават зЪяўляецца адзіным эканамічна выгадным выйсцем. І зараз у Беларусі палітычная матывацыя наўпрост супярэчыць эканамічнай.

— Якія будуць далейшыя крокі распрацоўшчыкаў дакументаў і вашай партыі для рэалзізацыі мадэлі, апісанай у гэтым дакуменце?
— Будзе стадыя камунікацыі з шырокай грамадскасцю. Але гэта будзе складана, бо дакумент, канешне, экспертны, і тэзісы і доказы трэба будзе пераводзіць у іншы фармат. Будзем рабіць адукацыйныя мерапрыемствы.
Будзе працягвацца праца і з экспертамі — ёсць план падтрымліваць зваротную сувязь і арганізоўваць дыскусіі, у тым ліку з экспертамі. Мы бачым, што для таго, каб весці нейкія спрэчкі, трэба мець нейкую агульную базу. Праца з навуковай супольнасцю таксама вельмі важная.

Што датычна знешняга боку, то дэманстраваць штосьці камусьці — мэты няма. Але той досвед заходніх краін, які ёсць ужо, ён на карані разбівае ўсе аргументы супраць альтэрнатыўнай энергетыкі. Таму хочацца запрашаць у Беларусь людзей, якія могуць гэта паказаць і расказаць — тых жа мэраў гарадоў у Швецыі, якія цалкам перайшлі на ўзнаўлялку, нягледзячы на шэрае неба.
 
Працаваць з журналістамі, каб паведаць людзям аб магчымасцях, якія ёсць, каб увесці гэта ў дыскурс у Беларусі. Каб людзі разумелі, што гэта не проста прыгожанькія экалагічныя мары, а рэальнасць: альбо Беларусь абярэ цывілізаваны шлях, альбо загразне ў індустрыяльнай вуглевадароднай мінуўшычне.
Настасся Дарафеева

Настасся Дарафеева

Фота Мікалая Дзядка

Крыніца артыкула: Новы Час